Информация о музее

Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Палужская сярэдняя школа” Краснапольскага раёна Магілёўскай вобласці прадстаўляе літаратурны музей імя Аляксея Васільевіча Пысіна.

 

Нацыянальны паэт Аляксей Пысін прызнаны Майстар прыгожага беларускага пісьменства. ЁН – класік, вялікі паэт-лірык, улюблёны ў Беларусь, за якую хадзіў на бітву з ворагам, славіў яе словам. Ён паважаў культуру свайго народа і мову свайго народа.

Ужо 40 год візітоўкай дзяржаўнай установы адукацыі “Палужская  сярэдняя школа” з’яўляецца літаратурны музей імя Аляксея Васільевіча Пысіна.

Распачаў сваю дзейнасць музей у 1982 годзе. Быў адчынены ў дзень першай гадавіны з дня смерці пісьменніка. У 2015 годзе была праведзена рэканструкцыя музея.

Зараз у ім прадстаўлена 6 раздзелаў экспазіцыі: “Радавод Пысіна”, “Пачатак жыццёвых дарог”, “З сэрцам добрым і мужным”, “Творчы шлях паэта”, “Творчая спадчына”, “Апошнія гады жыцця”.

Фонды музея распавядаюць пра розныя падзеі жыцця і творчасці паэта. Гэта дакументы, фотаздымкі, лісты, успаміны сяброў і паплечнікаў, зборнікі вершаў, выбраныя творы, асобныя творы з яго аўтографамі, лісты з яго асабістай перапіскі, пасведчанне аб узнагародах, асабістыя рэчы.

Шмат экспанатаў  ў фонд музея было перададзена ўдавой паэта Еўдакіяй Сямёнаўнай Пысінай.

У працы над музеем дапамагаў і асабісты бібліёграф паэта Віктар Іванавіч Арцем’еў, які перадаў матэрыялы і ўспаміны пра А.В.Пысіна, а таксама вельмі многа  пісаў пра яго.

Наш музей надае школе асабістую індывідуальнасць, стварае ў калектыве настаўнікаў і навучэнцаў свой мікраклімат.

Частымі гасцямі музея з’яўляюцца вучні і настаўнікі нашага і суседніх раёнаў.

 

Праца музея накіравана на захаванне сваіх каранёў,  на выхаванне патрыятызму, на выхаванне павагі да памяці продкаў і традыцый свайго народа,  на выхаванне павагі да творчасці пісьменнікаў і паэтаў, якія далі нам магчымасць адчуць вялізную любоў да сваёй малай радзімы, фарміраваць правільнае ўспрыманне літаратурнай спадчыны.

Жыве і крочыць па нашай Краснапольскай зямлі слова Аляксея Пысіна, выдатнага паэта, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я.Купалы

 

Аляксей Васільевіч Пысін – гонар і слава Краснапольшчыны….