Тэматычная
экскурсія “Жыццёвы і творчы шлях А.Пысіна”

I.  “Тут гняздо маіх бацькоў, тут душы маёй прапіска…”;

Той, хто праходзiць у Магiлеве па праспекту Мiра, пэўна, зверне ўвагу, спынiцца каля дома №35, са сцяны якога мемарыяльная дошка з барэльефам паэта паведамляе, што тут жыў Аляксей Васiльевiч Пысiн.

Нарадзiўся Аляксей Васiльевiч у весцы Высокi Борак у сялянскай сям’i 22 сакавiка 1920 года.Усё жыццё асаблiва прываблiвала паэта сузор’е трох весак на Магiлеўшчыне: Высокага Борка, Мануйлаў, Гарадзецкай.

Высокi Борак — родная веска паэта, суседнiя Мануйлы — веска мацi, Хрысцiна Рыгораўна, там яе сасна i яе магiла, Гарадзецкая — жончына, яе бабулi Аўдулi, з якой ен сябраваў, шчыраваў, ад якой узяў шмат песень i казак, мудрых слоў, пра якую думаў, калi пiсаў “Баладу сагнутых бабуль”.

Жыцце ў бабы Аўдулi было доўгае, цяжкае. Яна рана аўдавела, але выгадавала чатырох дзяцей, на ўсю акругу славiлася акушэркаю, хоць нiхто яе гэтаму не вучыў. Яе рукi заўседы цягнулiся да дзiцяцi, абмывалi, бласлаўлялi. Жанчыны ў акрузе на яе малiлiся, а  яна асаблiвую павагу мела да мужчын. Усе жыцце баба Аўдуля вучыла Еўдакiю Сяменаўну, жонку паэта, як трэба шанаваць мужа. Еўдакiя Сяменаўна пра гэта i цяпер успамiнае: “Гэта ж твой, казала, хазяiн, твая зорка, ты яго беражы”.У мацi было два браты Давыд i Iгнат пахаваны ў весцы Мануйлы. Дзеда па лiнii мацi паэт не помнiў.

Аляксей у сям’i быў не адзiн, у яго быў малодшы брат Леня. У часы ваеннага лiхацення, калi Аляксей быў на фронце, Леня з бацькам iнвалiдам i мацi заставаўся дома. Аднойчы зiмою Леня запрог суседняга каня i паехаў у лес па палазы. Бацькi чакалi яго дзень, чакалi ноч, чакалi колькi дзен, месяцаў — сын не вяртаўся.

Лёнік, брат А.Пысіна

А ўвесну,  калi сышоў снег, з лесу, з урочышча Лепенне, за якое паехаў Леня, выехаў абоз, рушыў праз Высокi Борак. Хрысцiна Рыгораўна i пазнала ў абозе суседавага каня. Кiнулася да яго, але што мог расказаць конь? Людзi? Нiчога тады i яны не сказалi. Пасля ўжо, пазней праз год, ад людзей пачула, як там, за Лепеннем, Леня натрапiў на мужыкоў, якiя хавалiся ў лесе ад немцаў. I тыя забiлi, баючыся што хлапец можа разнесцi па весцы аб сваей сустрэчы з iмi — раптам дойдзе да немцаў?

З таго часу пачала Хрысцiна Рыгораўна сохнуць. Таяла, нiбы тая свечачка, пакуль не згасла. Памерла яна ў 1960 гозе, ад сардэчнага прыступа.Бацька перажыў сына –паэта на 2 гады , памёр  1983 г.

Дзяцінства будучага паэта прайшло ў роднай весцы. У аўтабіяграфічным нарысе есць такое прызнанне паэта: “Калі ўспамінаю маленства і раннія юнацкія гады перш за ўсе прыгадваю крыніцы. Мусіць нідзе не было столькі крыніц, як у ваколіцах нашай вескі Высокі Борак. Ці ты ў лезе, ці на паласе – усюды знойдзеш паблізу крынічку. То яна б’е з замшэлага пазелянеўшага зруба, то струменіць адкуль-небудзь з-пад горкі ці проста ўзнікае там, дзе конь ступіць капытом. Кожная крыніца мела сваю назву, свой пераліў і нават свой смак. У дні сенакосу нашы бацькі, звычайна, ачышчалі крыніцы, абстаўлялі іх дзернам. А нам, хлапчукам, не было большай радасці, як бегаць ад адной крынічкі да другой і насіць дарослым сцюдзенаю ваду ў флягах і двухдонных баклажках.

І яшчэ ўспамінаюцца песні, якія спявалі ў нашай весцы”. Паэт слухаў беларускія песні, казкі, якія расказвала дзецям суседка Кацучыха. Многія з гэтых казак, як шматсерыйны фільм, з працягам на наступны вечар.

 

II.Сям’я Пысіна.

Аляксей Васільевіч Пысін з маці Хрысцінай Рыгораўнай

каля роднага дома ў вёсцы Высокі Борак

 

Вялікі ўплыў на Алешу мела маці. Яна была поўная дабраты і спагады, тонкай душы жанчына і ласкавая маці. Паважалі яе людзі. Усіх знаемых і незнаемых Хрысціна Рыгораўна сустракала ў сваей хаце як родных. Алешавых сяброў маці заўседы частавала чым-небудзь. За стол, бывала, пасадзіць ды малака налье, яблыкаў у кішэні пакладзе, хоць і галодны бы той час – пачатак 30-х гадоў. Сваю маці Алеша параўноўваў з Радзімай. Яны аднолькава яму былі дарагімі, незабыўнымі. Усе жыцце ен помніў матчына старанне, яе нязменны клопат аб сям’і, павагу да людзей.

Бацька Алешаў, Васіль Пятровіч, нягледзечы на свае калецтва, якое праследавала яго з дзяцінства, і намеру не меў, каб у працы адставаць ад сваіх аднавяскоўцаў. Ен рабіў у полі, даглядаў жывелу, двор і сад трымаў у парадку. Рукі Алешавага бацькі, што “дажджы асеннія мачылі, паліў сухмень, сціскаў мароз”, “дол варочалі, аралі, драбілі вугаль пад зямлей…”

                                                                                                                                       Аляксей Пысін з бацькам Васілём Дзям’янавічам і маці Хрысцінай Рыгораўнай,

жонкай  Еўдакіей Сямёнаўнай І дачкой Любай у Высокім Борку

(родная вёска паэта). 1951 г.

Хлопцы і маладыя мужчыны Высокага Борка, Шалухоўкі, Жалезніцы і іншых весак спраўляліся да Пакроваў з ворывам зябліва, сяўбой азімых, абмалотам збожжа і ехалі на зіму ў шахты Данбаса або руднікі Крывога Рога на заробкі. Збіраліся цэлымі арцелямі. Выбіралі важака. Вясной, пасля цяжкай і нязвыклай для селяніна працы, вярталіся дамоў з грашыма, ў скураных тужурках, ботах. І абавязкова куплялі там і прывозілі з сабой шахцерскія лямпы, запраўленыя карбідам. Гэтая рэч была вельмі патрэбная ў гаспадарцы, калі хаты асвятляліся проста газнічкай ці лучынай. Дзяцінства Алешы супала з вялікім пераломам у жыцці вескі. Дробныя сялянскія гаспадаркі аб’ядноўвалі ў арцелі. Гэта справа палохала людзей. Сялянам ніхто і нічога не тлумачыў.Затое актыўна ўжывалася грубая сіла – раскулачванне. Нярэдка ў дбайных гаспадароў адбіралі зямлю, хату і іншую маемасць, а саміх з сем’ямі вывозілі на Поўнач, у Сібір, Якуцію. Тады гэта называлася ліквідацыяй класавых ворагаў, якія жыруюць, прысвойваючы працу батракоў і беднякоў. У Высокім Борку, напрыклад было раскулачана 14 сем’яў, кожны дзевяты двор вескі. У гэты лік трапіў дзядзька Еўдакім у 1929г. У 1931г. – ен быў расстраляны. Вымушаны былі працавітыя мужыкі ехаць у заработкі або наладжваць дома які-небудзь промысел. У Высокім Борку стругалі гонту і дранку, выраблялі канапляны алей, варылі патаку з бульбянога крухмалу. Мануйлаўцы славіліся кавальствам, мукамоллем. Многія з іх аказаліся “кулакамі”.

Сяляне з даўніх часоў паважалі калектыўную працу. Дарэчы, хата бацькоў А. Пысіна была пабудавана талакой.

Алеша, як і яго бацькі, вызначаўся вялікай працавітасцю. У дзяцінстве праявілася павага да людзей працы, а затым – няўтольнае жаданне дапамагаць старэйшым у хаце, на двары, агародзе. Хацелася рабіць штосьці самому: выпільваць з дрэва цацкі, майстраваць услончыкі, пасадзіць і дагледзець дрэўца. А калі пачаў вучыцца ў школе, разам з дарослымі хлопцамі ўлетку вадзіў коней на начлег, баранаваў поле, хадзіў па кругавым прывадзе коннай малатарні. І ўсе рабіў з цікавасцю, легка і настойліва.

Калі Аляксей  пасля вайны вярнуўся  дамоў, уладкаваўся на працу ў рэдакцыю раённай газеты.Там ён пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Еўдакіей Сямёнаўнай, якая працавала наборшчыцай.

У сям’і А.Пысіна раслі ім выхоўваліся тры дачкі .

 

                                                                                   А.Пысін са сваёй жонкай і трыма дочкамі: Люба,Таня і Галя(злева направа)

Жонка А.Пысіна са старэйшай   дачкой па дарозе у Высокі Борак        

Усе дзяўчынкі , Люба, Галя і Таня, атрымалі вышэйшую адукацыю. Сярэдняя Галя пасля заканчэння медуніверсітэта працавала ў Мінску, Люба і Таня працягвалі жыць ў Магілёве , працавалі ў гандлёвай сферы. Выйшлі замуж.Кожная з дзяўчынак падарыла бацьку па ўнуку Аляксею. “Чатыра Аляксеі ў сям’і ”,- з гонарам гаварыў А.Пысін. Ён вельмі любіў сваіх ўнукаў. Ім прысвячаў вершы, выдаваў асобныя дзіцячыя кніжкі. Напрыклад, “Аляксей.Дзяніс.Алёнка”, “Кавылёк”, “Матылёчкі-матылі”, “Вясёлка над плёсам” і інш. Гэтыя кнігі захоўваюцца в фрндах музея.

Кнігі А.Пысіна для дзяцей

 

 

 

 

 

А.В.Пысін з любімым унукам Дзянісам,     

1975 г.

Маленства паэта.

У 1928 годзе ен пачаў вучыцца ў першым класе пачатковай школы. Школа – трохкласка размяшчалася ў хаце Алешавых бацькоў. Два невялікія пакойчыкі займала сям’я, а ў большым стаялі парты. У школе працавала адна настаўніца – Ефрасіння Самсонаўна Анішчанка. Яна і была першай настаўніцай Алешы. У Высокі Борак Е. Анішчанка прыйшла маладой дзяўчынай у 1917 годзе аднекуль з-за Маластоўкі, як тады называлася Краснаполле. Прынесла з сабой падручнікі і невялікі глобус. Наведала хаты, дзе былі дзеці школьнага ўзросту, пагутарыла з бацькамі і сабрала першы клас. Заўседы ветлівая, прыгожа апранутая, яна ішла ў школу як на свята. Любіла дзяцей, умела выклікаць у іх цікавасць да ведаў. Асаблівая ўвага надавалася каліграфіі, выразнаму чытанню.

Ефрасіня Анішчанка ўпершыню пазнаеміла мясцовых жыхароў з самадзейным мастацтвам. З вучнямі пачатковай школы ставіла спектаклі, стварыла дзіцячы хор. Знайшла добрых танцораў, дэкламатараў. Алеша быў адным з першых сярод выканаўцаў мастацкіх задумак настаўніцы. Больш за ўсе ен любіў чытаць вершы з вучнеўскіх падручнікаў. Тады іншай літаратуры не было ў школе.

У адным з аўтографаў Пысін успамінаў добрым словам настаўніка М.Р. Каротчанку. Мікіта Рыгоравіч, адстаўны геолаг, выкладаў геаграфію, вучыў ў пятым класе. У той жа час ен быў дырэктарам і загадчыкам навучальнай часткі школы. Кожны ўрок праходзіў цікава, хаця і даволі напружана, асабліва восенню і вясной, калі заняткі былі больш працяглымі. Зімой на кожны ўрок адводзілася менш часу. Школа не мела дастатковага асвятлення. Была адна лямпа-газнічка амаль на тры дзесяткі вучняў. Пасля ВАВ М.Р. Каротчанка жыў у роднай весцы Галузы, што за 5-6 км. ад Высокага Борка. Калі  Алёша перайшоў у шосты клас , заняткі праводзілі тры новыя настаўнікі. Ды ў малодшых класах іх стала двое. На дапамогу настаўніцы прыйшоў выпускнік педагагічнага тэхнікума, стрыечны брат Алешавай маці Антон Вяржбіцкі. Дарэчы, у хуткім часе ў Высакаборскай школе, пасля заканчэння педінстытута, пачаў працаваць муж Ефрасінні Самсонаўны, мясцовы жыхар І.З. Дземянкоў. Цікавымі былі ўрокі матэматыкі, якія веў І. Мароцкі. Ен не толькі цудоўна выкладаў свой прадмет, але і пранікнена, цікава расказваў пра далекія краі і людзей. Разам з ім вучні вандравалі па прасторах Сібіры, плавалі па Чорным моры, спускаліся ў зямныя нетры. Мароцкі абуджаў дзіцячыя мары, прымушаў задумацца над веліччу света, над сэнсам жыцця.

Алеша лепш засвойваў геаграфію, гісторыю, мовы. Ці мог ен быць першым вучнем? Так, мог. Здольнасці і стараннасць дазвалялі, але стрымлівала сціпласць і сарамлівасць. Ні ў вучобе, ні ў гульнях Алеша не імкнуўся выйсці наперад.

Зараз цяжка ўявіць, што ў няпоўнай сярэдняй школе, як тады называлі сямігодку, не было бібліятэкі. Вывучэнне літаратуры абмяжоўвалася толькі хрэстаматыяй.

Шалухоўскі хлопец, яго аднакласнік Міхаіл Малінін, — быў тады не толькі харошым другам, але і першым бібліятэкарам. “Усе цягаў мне з дому кніжкі: “Руслан і Людміла” Пушкіна, “Рэспубліка ШКІД” Панцялеева і Чарных… Былі таксама зборнік вершаў Якуба Коласа, “Сын вады” Янкі Маўра.”

А яшчэ любіў Алеша прыроду. Любіў шчыра, да самазабыцця, як майскую раніцу, пасыпаную срэбрам расы. Вясковае наваколле ен параўноўваў з цікавай і бясконцай кнігай. Поле, лес, луг, рэчка, крынічка здаваліся яму жывымі істотамі, надзейнымі сябрамі. Бывала, пойдзе адзін за ваколіцу і ўсе назірае, слухае… Ен бачыў, “як пласт зямлі кладзецца, як колас гнецца”, чуў шаптанне лоз, смак суніц.” Размаўляў з барознамі, з зарою, разумеў спяванне мудрых пчол. Відаць, тады і нараджаўся паэт.

Праз усю літаратурную творчасць пранес Аляксей Пысін любоў да рэк, азер, крыніц. У яго шматлікія вершы і газетныя матэрыялы ўплецены пранікненныя словы пра магутнасць і прыгажосць Дняпра і Сажа, словы жальбы пра ваеннай пары Проню і Бярэзіну, ціхую і задуменную Бесядзь. А ўсе пачалося з маленькай рэчкі Палужкі. Пачатак бярэ яна на лузе вескі Шалухоўка, цячэ каля Мануйлаў, а затым перасякае Высокі Борак. Неардынарны розум і разважлівасць праявіліся ў Алешы ў раннім дзяцінстве. Гэта заўважылі аднавяскоўцы, настаўнікі, аднак пахвала не кружыла галаву, не выклікала ў Алешы ганарлівасці. Ен лічыў сябе роўным сярод аднакласнікаў, нават крытыку ўспрымаў як належнае. І яшчэ. Смелы і адважны хлапчук, ен раз здзіўляў сваіх сяброў даволі рызыкоўнымі ўчынкамі, але яго ніколі не пакідала належная вытрымка. Каго з вясковых хлапчукоў не вабілі ў той час млыны?! У кожнай весцы яны велічна стаялі на ўзгорках. У ветранае надвор’е крылы – у нас іх называлі махамі – кружыліся, рыпелі натужна і працягла. Часта летнім надвячоркам, калі вяскоўцы заканчвалі палявыя работы і везлі малоць збожжа, каля млына збіраліся дзеці, каб праявіць маладзецкую адвагу. Калі маха набліжалася да зямлі, хто-небудзь з хлапчукоў чапляўся за яе рукамі, уздымаўся на пэўную вышыню і саскокваў, імкнучыся ўтрымацца на нагах. Зайздрасцілі тым, хто даўжэй трымаўся за маху. Гэткая небяспечная гульня захапляла Алешу.

— Зараз я зраблю круг, — сказаў ен аднойчы і, учапіўшыся аберуч за маху, пачаў уздымацца ўверх. Метр, другі, трэці… Усе ўнізе замерлі ад жаху. А што, калі замлеюць рукі? Наступнае крыло на хаду можа забіць! Але гэтага не здарылася. Апынуўшыся на самай вышыні, Алеша разам з махай пайшоў на зніжэнне і хутка стаў на зямлю. Задаволена ўсміхнуўся і адышоў убок. Ніхто з равеснікаў не адважыўся паўтарыць Алешаў палет. Ды і ен болей не пайшоў на такую рызыку.

Даўно ўжо няма ветраных млыноў… “Без паклону, без” да пабачання “ветракі бясшумна адышлі”, – пісаў А. Пысін праз дзесяцігоддзі. А вось яшчэ ягоныя радкі: “Няма той рэчкі, што з вірамі, цыбатых птушак за дварамі і нават ветраных млыноў”. Учэпістая памяць маленства ў сталым узросце перамешвалася ў паэта з журбой, роздумам аб тым любімым і блізкім, што расціла і натхняла яго з першых дзен жыцця. Восенню і вясной любіў гуляць у лапту і крэчкі. На перапынках дзеці бегалі каля школы навыперадкі, але часцей за ўсе гулялі ў “вайну”. Дзяліліся на “чырвоных” і “белых”, ішлі ў атаку, захоплівалі “палонных”, адбівалі ў “ворагаў” зброю. Зімой гулялі ў снежкі, ляпілі снегавікоў, поўзалі па адным драўляным каньку, знізу падбітым дротам. Алеша быў актыўным у гульнях. Але нярэдка штосьці яго спыняла, выхоплівала з дзіцячай вяселасці. Раптам змоўкне, схіліць галаву і адыдзе ўбок. Гэта незвычайныя мары і думкі ужо тады пачыналі ўладна запаўняць усю яго істоту.

Нельга абысці і тое, што з узростам у Алешы пачынала праяўляцца і такая рыса, як упартасць. Іншы раз, настойваючы на сваіх меркаваннях, ен мог пярэчыць настаўніку, сябрам. Магчыма, гэта была непазбежнасць так званага пераходнага ўзросту?

Бадай, у кожнага чалавека маленства застаецца з ім назаўседы. А дзіцячыя гады, праведзеныя ў весцы сярод людзей працы, сярод багатай прыроды, у цяжкасцях сялянскага быту – найбольш запамінальныя. У адным з апошніх вершаў Аляксей Пысін прызнаўся: “Дзе б крокі мае ні былі, я веску ў сабе адчуваю”. На жаль, няма сення людзей ні ў Алешавым Высокім Борку, ні ў матчыных Мануйлах, ні ў суседняй Шалухоўцы. Асірацелую зямлю агортваюць смутак і бездапаможнасць..

 

III.Радавод Пысiна

Род Пысiных, згодна сямейных паданняў, паходзiць ад перасяленцаў з Браншчыны i Чарнiгаўшчыны. Прадзедам паэта Аляксея Васiльевiча Пысiна быў Арцем Паўлавiч Пысiн — ураджэнец сяла Увелле, што на Браншчыне.

У 1875 годзе ен прыехаў са сваей сям’ей у Краснапольскую воласць на

купчыя землi. Па сямейных паданнях радаводныя каранi Пысiных вядуць аж на Чарнiгаўшчыну.Купiлi ў пана зямлю за грошы, якiя ўзялi ў пазыку ў зямельным банку. А жылi яны перад гэтым у весцы Увелле ля ракi Вахалка, гэта дзесьцi каля Навазыбкава, цяперашняй Бранскай вобласцi. Былi перасяленцы i другой вескi — Шыркi. Адну веску перасяленцы назвалi Шыркi-Увелле. У гонар тых пакiнутых паселiшчаў. Два словы злiлiся ў адно i цяпер веска завецца Шыракавелле.

Радаводнае дрэва сям’і А. Пысіна

У сям’i Арцема было восем дзяцей: пяць сыноў — Тарас, Васiль, Пятрок, Сiдар i Павел, i тры дачкi — Еўдакiя, Парасея i Анастасiя. Жылi адной вялiкай сям’ей, вялi гаспадарку, апрацоўвалi купчую зямлю. Усе былi фiзiчна дужымi, працавiтымi, здатнымi да раместваў. Дзецi з часам выраслi. Дочкi выходзiлi замуж, сыны — жанiлiся. Адзiн з сыноў Арцема, якога звалi Пятром, стаў дзедам А.В. Пысiна. Калi Петр ажанiўся на Аўгiннi, то пасялiўся ў весцы Высокi Борак. Усе ж астатнiя члены сям’i жылi ў весцы Шыркi-Увелле , пазней веску сталi называць Шыракавелле. Яна знаходзiлася ў трох кiламетрах ад вескi Высокi Борак. Месца для сядзiбы Петр Арцемавiч выбраў цудоўнае. Ля сядзiбы —  луг, рэчка i дубы-волаты. Усе наўкол патанае ў зеленi.

Дзед Аляксея Пысiна — выдатны земляроб, гаспадар. Гэта быў спакойны, назiральны i разважлiвы чалавек. Сам мала гаварыў, любiў слухаць iншых. Смяяўся пра сябе, калi хто хлусiў цi “малоў лухту”. Выдатная памяць, жыццевая справядлiвасць, умудронасць вопытам жыцця — усе гэта перадалося праз гены ад дзеда яго ўнуку Аляксею.Сядзiба Пятра Арцемавiча Пысiна была дагледжаная, акаймаваная спераду i збоку шарэнгай лiп. Меўся круглы двор. Хата з дзесяццю вокнамi i двума комiнамi: прыхожая, кухня, дзве залы i дзве спальнi. Былi клець, пуня, павець для коней, сенавал i павець для дроў. Побач з хатай рос вячысты дуб, на верхавiне якога было ўладкавана кола i вадзiлiся буслы. Сад i агарод займаў плошчу ў адзiн гектар. Раслi розных гатункаў яблынi i грушы, слiвы i вiшнi, малiны i арэшнiк. За садам — сажалка i луг, а за iмi раслi дубы-волаты i працякала невялiчкая рэчка Гардашня.

У Пятра Арцемавiча была дачка Гарнiна i тры сыны — Еўдакiм, Дзям’ян i Васiль. Адзiн з сыноў Еўдакiм Пятровiч у 1929 годзе быў рэпрэсiраваны. З ссылкi не вярнуўся. Сярэднi сын Дзям’ян Пятровiч жыў у Мiнску ля трактарнага завода. Памер ва ўзросце 90 гадоў (1891-1981). У яго было дзве дачкi: Нiла — 1919 года нараджэння i Вера — 1924 года нараджэння. Гарпiна Пятроўна жыла ў Ленiнградзе. У жывых ужо нiкога няма.

Дзеда, Пятра Арцемавiча, паэт добра памятаў, яны сябравалi.

Самы малодшы сын Васiль Пятровiч (1896-1983) i быў бацькам Аляксея Пысiна. Пасля жанiцьбы Васiль пабудаваў хату побач з хатай свайго бацькi Пятра. Мацi паэта, Хрысцiна Рыгораўна Вяржбiцкая, нарадзiлася ў весцы Мануйлы ў збяднелай шляхецкай сям’i. Сям’я, у якой рос Аляксей Васiльевiч, была такая: бацька Васiль Пятровiч, мацi Хрысцiна Рыгораўна, брат Ленька (1925 года нараджэння  У бацькавай хаце нарадзiўся, рос i выхоўваўся Аляксей Васiльевiч. Дзедаву хату ў трыццатых гадах па рашэнню мясцовых улад забралi пад школу, у якой i Аляксею давялося вучыцца. Пазней, незадоўга да вайны, пабудавалi ў Высокiм Борку школу-сямiгодку. На нашым радаводным  дрэве сабраны звесткі ад Арцёма Паўлавіча Пысіна, прадзеда А.Пысіна,  да яго прўнукаў:Максім, 1991 г.н., Ганна, 2004 г.н., Настасся, 2012 г.н.,- Любіны ўнукі, Ганна , 2007 г.н., Іван, 2014 г.н., — Галіны ўнукі, Чэзар , 2002 г. н.,- Танін унук, зараз пражывае ў Германіі.

IV.Творчая спадчына паэта.

Кнiга ўваходзiла ў жыцце А. Пысiна такiм чынам. Аднавяскоўцы звычайна збiралiся доўгiмi вечарамi ў хаце яго бацькi, якая замяняла хату — чытальню. Дымiлi цыгаркi, у голас чыталi. Гэта былi байкi Д. Беднага, апавяданнi М. Горкага, А. Серафiмовiча. З маленства запомнiлiся яму М. Лермантаў i Т. Шаўчэнка. А са школьных чытанак — Я. Колас, Я. Купала, А. Гурло, М. Чорны, А. Александровiч.

Але ў той час найбольш уплыў на абуджэнне цягi да пяра аказаў на будучага паэта яго зямляк, нiкому цяпер невядомы паэт Пятрусь Бядулiн, яго ен успамiнаў з глубокай павагай. “Пятрусь Бядулiн надаваў мне задору, заахвочваў”

Быў ен першы вядомы паэт                            

У сваiм Краснапольскiм раене.

(Я радкi падбiраў сягоння,

Як абрыўкi забытых газет.)

Ен за партай сядзеў у лапцях.

А ў чытаннi, у школьнай святлiцы —

Верш адзiн, што вярнуўся з сталiцы

I цяпер нiбы ў хлопца ў гасцях.

П. Бядулiн быў першым настаўнiкам селькора Алешы Пысiна.

                                                                                                                                                                                                                                                                                                              П.Бядулін

 

А. Пысiн вельмi рана спазнаў, што без паэзii i музыкi жыцце не можа iснаваць, не можа быць паўнакроўным. Таму народныя песнi, фальклор захаплялi яго безаглядна. Кнiжкi з легендамi i паданнямi, песнямi i казкамi збiраў ашчадна i напорыста, радаваўся кожнай находцы. З класiчнай музыкi найбольш любiў творы Чайкоўскага i Глiнкi. Народныя песнi любiў слухаць у акапельным выкананнi. Захапляўся ансамблем “Харошкi”.

Але муза Пысiна, якая заявiла пра сябе ў трыццаць восьмым, маўчала ўсю вайну, у той час як iншыя паэты, яго аднагодкi цi амаль аднагодкi, маўчаць не маглi. А. Пысiн? Нават пасля вайны вайна не адразу паклiкала музу.Няўжо вайна не дала паэту нi тэм, нi вобразаў, нi дэталяў, нi ўражанняў.

Дала. Не меней, як iншым франтавiкам. Нiчым не абышла. I ўсе, што давялося перажыць, легла не на  камень — на нiву ўражлiвага сэрца, маладой памяцi. Гэта будзе засведчана наступнай кнiгай — “Мае мерадыяны”, якая нарэшце звязала ў адзiн вузел паэтычны мерадыян паэта з яго ваеннымi мерадыянамi, звязала настолькi моцна, што яны гэтыя мерадыяны, якраз i выведуць Пысiна на яго паэтаву вышыню.

Першы зборнiк у А.В. Пысiна выходзiць у 1951г. Аднак з другой кнiгай паэт не спяшаўся. Нават яго папракнулi на 3-цiм з’ездзе пiсьменнiкаў Беларусi. Ды Аляксей i пасля таго не рынуўся ў выдавецтва.

 

Да i першая кнiга не была самамэтай. Пiсаў вершы, а пра кнiгу не думаў, хоць яму было ўжо 30-ць. I толькi госцi з выдавецтва змаглi сагiтаваць Аляксея падабраць вершы да асобнай кнiгi.

 

 

 

 

Першы зборнiк А.Пысіна  “Наш дзень”

 

 

I толькi праз 8 год пасля выхаду першага зборнiка “Наш дзень” выходзiць яго другi зборнiк “Сiнi ранак” (1959г.). Потым чытач атрымаў “Сонечную паводку” (1962г.).Аб настойлiвай вучобе i крапатлiвых пошуках у паэзii сведчылi другая i трэцяя кнiгi паэта “Сіні ранак” (1959г.) i “Сонечная паводка” (1962г.) асаблiва зборнiк “Твае далонi” (1967г.).

 За зборнiк вершаў i паэм “Твае далонi” у 1968г. была прысуджана Дзяржаўная прэмiя БССР iмя Я. Купалы. Аляксандру Васiльевiчу было прапанавана перабрацца ў Мiнск, працаваць у выдавецтве “Мастацкая лiтаратура”, але ен застаўся ў Магiлеве на сваiм “Магiлеўскiм рубяжы”. Жыў ужо ў трохпакаевай кватэры, ды на пятым паверсе. З хворым сэрцам. Адзiн маскоўскi госць з гумарам заўважыў: “Бач, у Магiлеве на якую вышыню ўзнялi паэта. Ты, Аляксей, жывеш вышэй за ўсiх паэтаў у Саюзе!”

 

 

 

I мне памяняць бы кватэру,

Туды б, дзе цiшэй i нiжэй,

Бо грукатаў зведаў праз меру

Няўтульных i дзен i начэй.

У першых зборнiках А. Пысiна вайны яшчэ няма. I толькi ў трэцiм зборнiку “Сонечная паводка” акрэслена выплывае ваенны матыў i ваенная памяць паэта:

Ляглi сябры ва ўсiм паходным,

Гарматы сцiхлi. Цiшыня.

Што снiцца iм над небам родным

На досвiтку ў пачатку дня?

У чацвертым зборнiку вершаў “Мае мерадыяны” (1962г.). I потым — “Твае далонi” (1967г.) — тэма вайны стала асноўнай. Чаму? Таму што над планетай навiсла цень злавеснай атамнай бомбы, пад пагрозай усе жывое. I паэт звяртаецца да людзей:

Трывога б’е планету,

Трывога ў сэрца б’е…

I яшчэ:

Пiшу пра смерць, пра кроў,

Пiшу я пра сяброў,

А iх жа родных,

Хавалi на вайне,

Хавалi не ў труне,

I запаветам мне:

“Пра нас расказалi!…”

А. Пысiн, як гэта вынiкае з ягоных слоў i з прыведзеных радкоў, тэму вайны ўзняў, каб змагацца супраць вайны, за мiр. Сваiмi вершамi паэт раiўся са светам добрым, з людзьмi. Раiўся з чытачамi, “як звесцi чорную душу вайны”.

Не спiце людзi! Узнiме хтось ракету, —

Не кiнешся за ею на ўздагон;

Не дождж, не дождж, — трывога б’е планету,

Трывога ў сэрца б’е, нiбыта гонг.

Вайна ўвайшла ў лiрыку А. Пысiна як нейкi страшэнны прывiд, як сон, у снах ныюць раны — ад асколкаў, выразна ўстаюць былыя малюнкi:

Пярэднi край чужы. Неразгаданы.

Пярэднi край, як полюс мерзлаты,

На бледны след, ляглi мерадыяны,

Армейскiя прамыя правады.

Антываенная лірыка А. Пысіна бярэ выток з уласнага яго вопыту, падзей і фактаў сваей біяграфіі. Паэт меў права сказаць у вершы “Кіна-эпапея”, “Вялікая Айчынная”:

На кіламетрах здымкаў франтавых

Я, можа, болей, чым хто іншы бачу.

Душой я ў кожным з мертвых і жывых…

Наступны заўтра фільм… Пайду паплачу.

У свеце паэта навекі засталіся і людзі і вескі франтавой пары. У ягоных вершах паэзія сапраўдная, вельмі праўдзівая. У радзе вершаў трагічнасць лесу падмацавалася гістарычнай сувяззю з матывамі старадаўняй песні-скаргі воіна:

Пяць патронаў у абойме,

Пяць патронаў.

Падымаемя ў бой мы

У полі роўным,

У патроне кожным-куля,

Дзевяць грамаў.

Не чакай, мая матуля,

Тэлеграмы.

Ні з самбата палявога,

Ні з пагоста,

Ходзіць ціха (бо дарога!…)

Наша пошта…

Пра А. Пысіна гавораць: “Як Быкаў у прозе. Для такой паралелі, для параўнання есць падставы”, — падцвердзіў пісьменнік Віктар Карамазаў.Крытык Варлен Бечык таксама той жа думкі, што і В. Карамазаў: “… чытаючы вершы Пысіна, я лепш усведамляю, напрыклад, змест і праблематыку прозы Васіля Быкава як і наадварот: чытаю Васіля Быкава – і яшчэ мацней адчуваю душэўную глыбіню пысінскай лірыкі.”Для такой паралелі, для параўнання есць падставы. І можа, таму, адчуўшы гэтае прызванне, Пысін пакінуў думку аб пераездзе у Мінск, застаўся на магілеўскім рубяжы вайны. Тут, на Дняпры, ен мацней, як дзе-небудзь, чуў кананаду і сорак першага і кожнага дня вайны.

Яго зборнікі атрымалі добразычлівыя водгукі, высокую ацэнку. Сведчаннем не толькі прысваенне Аляксею Васільевічу звання лаўрэата Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы і заслужанага работніка культуры рэспублікі, а перш за ўсе тое, што яго творы не залежваюцца і не залежваліся ў кнігарнях і на паліцах грамацкіх і асабістых бібліятэк, яго вершы гучаць у школах і клубах, Дамах культуры.Ад кніжкі да кніжкі набіраў сілы голас паэта, прабіваліся ўсе новыя сцяжынкі да людскіх сэрцаў.

Паэт Аляксей Васільевіч меў багата сяброў сярод украінскіх літаратараў. Часта наведваў Украіну. А ў госці да беларусаў прыязжалі паэты Станіслаў Рэп’ях, Пятро Гарэцкі. Абрам Канчельсон і іншыя. Аляксей Васільевіч перакладаў іх вершы на беларускую мову. Украінскія сябры адказвалі ўзаемнасцю. А ў 1984г. у Кіеве ў выдавецтве “Савецкі пісьменнік” быў надрукаваны зборнік “Журавлинi сурмі”, што па-беларуску – “Жураўліныя горы”.

 

V.З сэрцам добрым і мужным.

У школе А.В. Пысін уступіў у камсамол. Пасля заканчэння Палужскай школы (1937г.) як актыўнага селькора раеннай газеты райком камсамола накіраваў яго на вучобу ў Мінскі Камуністычны інстытут журналістыкі імя С.М. Кірава. У часе вучобы ў 1938г. у газеце быў надрукаваны першы верш. “Тады мне было 17 год”, — пісаў Пысін у аўтабіяграфіі.Але вучыцца давялося нядоўга. У вераснеўскія дні 1939г., калі Чырвоная Армія перайшла мяжу былой Заходняй Беларусі, ен, студэнт 2 курса інстытута кідае вучобу і едзе ў ваенным грузавіку. пад Беласток у павятовы горад Бельск. Гэта быў патрыятычны па тым часе крок.

Там працуе ў газеце “Чырвоная звязда”. Тут, паблізу нашай заходняй граніцы, застае яго вайна і замест пяра яму даюць у рукі вінтоўку, трэба бараніць Радзіму.

 

 

                                                                                                                            А.Пысін у час прыцы ў газеце “Чырвоная звязда”.

Пысін прайшоў франты: Калінінскі, Ленінградскі, Першы і Другі Прыбалтыйскі. Па ваеннаму раскладу А.В. Пысін лічыўся лінейным надзірацелем. А на справе сувязны пад агнем, пад абстрэлам пракладваў лінію для сувязі пярэдняга краю з камандаваннем і  яго абслугоўваў.

Вялікіх гарадоў А. Пысіну браць не давялося. Кожны раз гэта былі баі за веску, за вышыню – пад Калініным, Вялікімі Лукамі, Полацкам, Віцебскам, у Эстоніі, Літве, Латвіі. Двойчы быў паранены і узнагароджаны медалем “За адвагу”.Над акрываўленым салдатам двойчы праляталі рыдаючыя белыя жураўлі.Першы раз – восенню на Валдайскім полі і залітым дажджамі акопамі. Але воін выжыў, адпачыўшы, акрэпнуўшы ў татарскім ауле на беразе рэчкі Сакмара.Пасля ранення, а затым лячэння ў шпіталі А.В. Пысін адпачываў па пуцеўцы ваенкамата ў татарскім ауле на беразе ракі Сакмары (тэрыторыю роднай яму Беларусі ў той час займаў вораг). Тады якраз і надарылася ў яго чыстае юнасцкае каханне да мілавіднай татарскай дзяўчыны Бабінур. Але ж дарога неўзабаве павяла паэта зноў на фронт. А памяць засталася. І ў 1965 годзе была напісана А.В. Пысіным лірычная паэма “Белы камень” аб людзях татарыі, якія шчодра дораць свае цяпло і чалавечнасць.Другі раз белыя жураўлі аплаквалі салдата ў веснавым сонечным блакіце над перарытымі траншэямі, снарадамі, гусеніцамі танкаў на лажгальскім полі. А гвардыі радавы Аляксей Пысін зноў падняўся на ногі і з медалем “За адвагу” дайшоў ужо да “сосен Райніса”, да прыбалтыйскіх чыстых пясчаных дзюн і пяшчотных марскіх сініх хваляў.Ад двух раненняў да канца жыцця насіў у сваім целе асколкі ад міны ці гранаты… А пасля кантузіі яго ўсе жыцце прыследваў нервовы цік.

На Ленінградскім фронце трапіў у акружэнне. Гвардзейская дывізія выходзіла да сваіх з цяжкімі стратамі. Два тыдні без ежы, вада балотная, па начах здараліся замаразкі. Ішлі абложныя асеннія дажджы. Прабіраліся па лясных балотных дарогах. Ваенную тэхніку не кідалі. Гарматы часта загразалі ў каляінах. Тады салдаты скідвалі з плеч шынелі і клалі іх пад полы гармат. І з лесу на плячах насілі дрэвы, каб пракласці дарогу-ляжнеўку. Калі выйшлі з акружэння, то ў лесе спыніліся на начлег. З’елі сырых, па якіх поўзалі чэрві, грыбоў, што паспелі сабраць на захадзе сонца. Дзе стаялі, там і валіліся спаць, папярэдне падаслаўшы крыху яловых галінак на сырую зямлю. Ноччу ўсіх засыпала снегам, ударыў мароз. Вельмі многа знясіленых салдат засталося там спаць вечным сном.

Пачатак зімы 1943 года. Фронт на рэчцы Проня. Снегу яшчэ няма, а мароз люты. Непадалеку польская дывізія: “Пад сцягам Касцюшкі салдаты ішлі…”. Камандзір роты ўзяў у салдата Пысіна шынэль, апрануў на сябе, а яму аддаў новенькі кажух, белы, белы – надзвычай добрая мішэнь для нямецкіх снайпераў на шэрай зямлі. Верны сябар А.В. Пысіна паэт Віктар Ракаў прысвяціў яму верш “Камсастаўскія кажухі гвардыі радавога Аляксея Пысіна”:

Абраннік матухны-пяхоты,

Прайшоў жывы па ўсей вайне,

Хоць і пасечаны ўдвайне –

і за сябе,

і за камроты…

І ў мірны час ен жыў няпроста,

Не пачарніў імя гвардзейца:

без кажухоў –

ішоў на росхрыст,

заўседы ўрост,

з адкрытым сэрцам.

У Прыбалтыцы гвардыі салдат А.В. Пысін быў таксама жывой мішэнню, пасля перамогі ўжо. “Лясныя салдаты” з былых памагатых эсэсаўцаў, народ іх называў бандытамі, абрывалі правады тэлефоннай сувязі.Як толькі салдат-сувязіст узбіраўся на слуп, каб нанава прымацаваць провад, то бандыты з укрыцця (з лесу, з хмызняку) вялі прыцэльны агонь па жывой мішэні. Аляксей Васільевіч быў адным з такіх сувязістаў.

Дзень Перамогі салдат А.В. Пысін сустрэў у Латвіі, на беразе Балтыйскага мора. Батальену, у якім ен знаходзіўся, 8 мая здаліся ў палон некалькі тысяч узброеных немцаў. І вось паведамілі: Германія капітулявала. Пачалося святкаванне. Пілі і закусвалі паасобку: нашы сабе, немцы сабе. А затым немцы пачалі прыходзіць да нашых салдат, а нашы ішлі да немцаў: пілі разам за канец вайны, за тое, што засталіся жывыя. Салдаты пачалі братацца, а потым і цалавацца: немцы і рускія… Нашы салдаты з ракет, аўтаматаў адкрылі салют у гонар Перамогі… На шчасце, усе закончылася добра. На фронце паэт стаў камуністам. Паэт? Так, паэт. Аляксей Пысін яшчэ ў 1938 годзе выступіў у друку з вершамі. Але салдат Пысін за ўсю вайну не надрукаваў ніводнага радка. Ен ваяваў, ваяваў і ваяваў да дня Вялікай Перамогі.

“Брацкія магілы. Абеліскі. Абпаленыя плацдармы. Цені неданесеных штыкоў, шчымлівы боль, па загінуўшых сябрах. Вайна, з’явіўшыся ў нашым жыцці самым суровым выпрабаваннем чалавечых вартасцей, вызначала ў пэўнай меры нормы і выпрабаванні да паэтычнага слова. У бой не бралі халастых патронаў. Салдацкая правата – правата сучаснасці. Правата дружбы і кахання, трывог і летуценняў, высокіх ідэалаў.” Так пісаў А. Пысін у 1946 годзе у сваей аўтабіяграфіі, думаючы пра ўсе перажытае, думаючы пра сваіх франтавых таварышаў, пра лёс цэлага пакалення салдат, думаючы пра свой уласны лёс як паэта.Ен добра помніў, як яго – маладога журналіста, вайна захапіла ў сваю крывавую мясарубку раніцай 22 чэрвеня на пыльнай дарозе пад Бельскам, на Беласточчыне, ды так і не выпусціла, кідаючы па вогненных узгорках пяці франтоў.

У фондах музея змешчана копія чырвонаармейскай кніжкі паэта,таксама ёсць у нас і  шматлікія пасведчанни аб узнагародах паэта.

 

 

 

 

 

 

 

Аляксей Васільевіч успамінаў: “Мне ў пачатку вайны сказаў адзін дзед: “Сынок, калі хочаш быць жывым, то не бяры на фронце нічога чужога”. Я свята выконваў гэты наказ і вярнуўся жывы Дахаты прыйшоў у тым жа шынелі, у якім быў у акопах. І нічога не ўзяў з сабой.

 

VI.Творчы шлях паэта.

У пяцідзесятым накіравалі працаваць у Баранавіцкую вобласць рэдактарам газеты палітаддзела Навасвержэнскай  МТС.Ен прыехаў на Стаўбцоўшчыну, недзе пад весну 1950г. Зайшоў у рэдакцыю газеты “Голас селяніна”. Прадставіўся: Аляксей Пысін. Накіраваны рэдактарам газеты палітаддзела Навасвержэнскай МТС…

Навасвержэнская МТС была непадалек ад мураванкі, у якой жыў Пысін. Пасля прыехала да яго жонка з маленькай дачушкай Любай. Тут пазней нарадзілася яшчэ адна яго дачка Галя. Цяпер тут стаўбцоўская “Райсельгастэхніка”. Кожны дзень з самага ранку Аляксей Васільевіч заходзіў у майстэрні, цікавіўся жыццем рабочых, набіраў з сабой матэрыял і нес яго ў Стаўбцы ў агульны драўляны дамок каля вакзала, у якім мясцілася друкарня, і рэдакцыя раеннай газеты “Голас селяніна” і газеты “Уперад да камунізму”, у якой ен працаваў. Тут выйшаў першы зборнік яго вершаў “Наш дзень”. Але праз пяць год ен зноў вяртаецца у родную глыбінку на пасаду рэдактара чэрыкаўскай раенкі “Сацыялістычная перамога”. Ніколі клопат пра уласны дабрабыт не быў на першым месцы ў жыцці паэта.

 Доўгі час сям’я Пысіна жыла вельмі дрэнна,у старым хляву, побач знаходзілася стойла для каня, вось такое было суседства. Мясцовыя ўлады на просьбу Аляксея Васільевіча не адгукнуліся, а другі раз не пайшоў ен прасіць. У верасні 1958г. ен пісаў да Арцем’ева: “Жыву без кватэры, як бяздомны жабрак, і проста свет робіцца нямілым”. Так было да таго часу, пакуль у раеннай газеце не з’явіліся “высокія госці” з Мінска і выпадкова не ўбачылі ўмовы жыцця рэдактара. Адразу пасля таго як яны паехалі знайшлася ўтульная кватэрка ад лясгаса, у ей пасялілі Пысіна і яго сям’ю.  (Віктар Арцем’еў(сябар ) і Аляксей Пысін)

Аляксей Васільевіч быў самабытным журналістам, валодаў майстэрствам слова. Газета ў час яго рэдактарства насіла баявы, злабадзенны характар. У ей змяшчалі вершы пачынаючых паэтаў, байкі, фельетоны, крытычныя матэрыялы, рэагаванні. Аляксей Васільевіч як камуніст быў сціплым, шчырым таварышам, добрым сябрам і сем’янінам. Вельмі паважаў журналісцкую працу. Быў непрымірным да хапуг, кар’ерыстаў, падхалімаў. Вось адзін з прыкладаў. У адным з нумароў райгазеты Аляксей Васільевіч падрыхтаваў фельетон на загадчыка Будбанка, ен быў нячыстым на руку і сумленне чалавек, які раздаваў дзяржаўныя крэдыты калгасам як хацеў і каму хацеў. Калі старшыня калгаса, ягоны сябар і добры дзядзька, шчодры на парсючка ці мех бульбы, тады і ўпраўляючы банка шчодры, а калі скупаваты на паднашэнне, дык і каса банка перад такім не раскашэлецца. Пысін гэта ведаў. Старшыні калгасаў не аднойчы скардзіліся ў газету. І вось “Мятла” дабралася да гэтага ўпраўляючага. Фельетон “Чэрыкаўскі Юлій Цэзар” скалыхнуў раенны зацішак.Але рэагаваць на фельетон раенныя ўлады не спяшаліся. Банк працаваў па-ранейшаму, ведаючы, перад кім касу адчыніць, перад кім зачыніць. І тады праз нейкі час  у друкарні набіраецца перадавы артыкул, у якім даецца прынцыповая ацэнка зачыншчыкам крытыкі. Але адзін з сакратароў райкома быў супраць публікацыі крытычнага матэрыялу. Гэта стрымлівала выхад чарговага нумару газеты. Рэдактар А. Пысін адклаў патрабаванне кіруючага партыйнага работніка і , цверда стоячы на рэдактарскай і журналісцкай пазіцыі, неадкладна паведаміў тэрміновай тэлеграмай аб зрыве выхадзе раеннай газеты ў ЦК КПСС на імя М.С. Хрушчова. Па яго сігналу неадкладна праз абком партыі былі прыняты меры ўздзеяння да кіруючых работнікаў райкома  і  праведзены пленум райкома партыі. Ен праходзіў бурна. На ім прысутнічаў сакратар абкома партыі Сакалоў. Але Аляксею Васільевічу далей давялося працаваць “не салодка”. Пасля гэтага ен некаторы час працуе ў Мінску. Адтуль Саюз пісьменнікаў БССР пасылае А. Пысіна ў Маскву на вышэйшыя літаратурныя курсы. Гэта 1957-59 гады. Вучоба была напружанай. Да і жыцце было не легкім: тысячу рублеў ад стыпендыі (старымі грашыма) пасылаў жонцы, а сабе пакідаў пяцьсот. Таму і не дзіва, што на стале іншы раз, акрамя хлеба ды кампота, нічога не было. Затое было у ім самае галоўнае – сціпласць, сумленнасць і бясконцая любоў і адданасць блізкім, дарагім людзям. Разам з ім у той час там вучыліся Рашыд Рашыдаў, Кайсан Куліеў, Чынгіз Айтматаў. Жылі яны ў былым доме Герцына.

Рашыдаў успамінаў, як Пысін часта расказваў пра Беларусь, пра свае роднае магілеўскае Пасожжа, а таксама – коласаўскія мясціны, Наднямонне. З берагоў сваіх незабыўных рэчак паехаў ен вучыцца на курсы ў Маскву. Паехаў з “Нашым днем” і “Сонечнай паводкай”, каб вярнуцца ўжо з “Маімі мерадыянамі”.

Сям’я яго ў той час працягвала жыць у Чэрыкаве, яго жонка працавала ў той жа друкарні наборшчыцай. І зараз, як і раней ў тыя даўнія гады, усе яе называюць не Еўдакіяй Сяменаўнай, а проста Дусяй.

 

Пасля заканчэння курсаў 1959г. Пысін працаваў у абласной газеце “Магілеўская праўда”. Гэта быў вельмі насычаны час: шмат сустрэч з журналістамі, пісьменнікамі і творчай моладдзю.

 

А.Пысін у складзе творчай групы  рэдакцыі газеты “Магілёўская праўда”

 Няма такога пункта на Магілеўшчыне, дзе б ен не пабываў. Ен напісаў дзесяткі нарысаў, артыкулаў аб розных людзях, аб розных чалавечых лесах. Яго цікавіла усе – і новы клуб у весцы, і новы хор, і будаўніцтва школы. З любоўю ен пісаў пра баркалабаўскіх дзяўчат, якія стварылі свой ансамбль, пра сваю зямлячку Марыю Пахоменка. Аднаго не любіў, проста ненавідзеў – бюракратызм, пошласць, крывадушша.

 

А.Пысін з сябрамі ў літаратурным музеі Я.Купалы

                                                              У час экскурсіі.А.Пысін з І.Шамякіным

А.Пысін і В.Быкаў

Творчая сустрэча Саюза пісьменнікаў БССР

           Творчая сустрэча пісьменнікаў  Выступае А.Пысін

                                                                                                    

Калі ўважліва пагартаць старонкі кніжак паэзіі Пысіна, то можна вывучыць геаграфію краіны: Сібір і Прыбалтыка, Татарстан і Сярэдняя Азія, Урал і Казахстан, Украіна і Малдова. Усе гэта мясціны, дзе яму даводзілася быць асабіста.

У 1966 г. А Пысін быў узнагароджаны Пачотнай Граматай Вярхоўнага Савета БССР за актыўную і бездакорную работу ў друку, радыё, тзлебачанні , паліграфіі, кніжным гандлі.

 

 

 

 

 

 

 

VII.Апошнія гады жыцця.

Да Магілеўшчыны Пысін быў прывязаны моцна, як селянін да свайго поля. Тым самым сялянскім вузлом. Тут усе, самая нязначная дробязь, нараджала ў ім нечаканыя думкі, абагульненне. Ну дзе ж яшчэ, як не тут, ен мог падумаць і напісаць такое: Вось мой край, мая Радзіма!

І можа, таму, перш за ўсе – таму, неверагодна цікава і зманліва ходзіць паэтавымі сцежкамі па гэтым краі.

Для А. Пысіна родная Магілеўшчына стала сваім акном, праз якое ен пабачыў увесь свет. Тэма “малой радзімы” у шматлікіх вершах паэта: “Помнік у Лясной”, “Першамайская вуліца”, “Магілеўская шаша”, “Любуж”, “Магілеўская гаворка”, “Я ў Плесах быў…”, “Баркалаўскія салаўі”, “Дзявочая гара ў Мсціславе”, “Пячэрскі парк”, “Жалезніца, Касцягаўка і Горна”, “Усцінавічы”, “Харошкі”, “Балада Буйніцкага поля”.

Творчая сустрэча з вучнямі магілёўскай школы 

 

     

 А.Пысін у чса наведвання музея школы

У сваім нарысе “З роднай дарогі” Аляксей Пысін пісаў: “Прыязджаючы на радзіму, часам хочацца пехатою, як калісьці, прайсці ад Краснаполля да сваей вескі Высокі Борак…Родная мая дарога – адкрытая кніга, якую можна чытаць бясконца. Кожны след – адзнака чыйгосьці лёсу. Пакінулі нябачны адбітак у мінулыя гады салдацкія боты і забытыя ўжо лапці. Перагарнуў памяці тоненькі лісточак і можа ўбачу свае сляды…”

Мы бачым гэтыя сляды, якія ў свой час павялі Аляксея Васільевіча ад роднага парога ў вялікі і цудоўны свет жыцця. Аляксей Пысін быў заўседы ў дарозе. Ен ніколі не ведаў стомы. Яму да ўсяго была справа, усяго яму была мала. У вершы “Яшчэ не скончана дарога” паэт зазначыў:

Яшчэ не скончана дарога,

І хочаш думаць аб зямным.

Не пакідай мяне трывога,

Будзь спадарожнікам маім.

Прыязджаючы на родную Краснапольшчыну, Аляксей Васільевіч перш-наперш заходзіў у рэдакцыю раеннай газеты.

У час такіх сустрэч ен расказваў пра свае цікавыя паездкі, мог пазнаеміць з новымі вершамі. А мог проста, сеўшы за стол, падсунуць на стале лісткі паперы і на іх з’яўляліся радкі вершаў. Так былі ўпершыню напісаны вершы “Цішыня Брэсцкай крэпасці”, “Яблыкі на заставе”, “Алеша”. Гэтыя ды і многія вершы ўпершыню ўбачыў свет на старонках нашай газеты “Чырвоны сцяг”.

А.В. Пысін любіў сустрэчы з землякамі. Па краіне шырока святкавалася юбілейная дата: 60-годдзе Аляксея Васільевіча. У гэты час ен прыязджае на родную Краснапольшчыну, тут адбываецца шмат шчырых сустрэч у раенным доме культуры і ў нашай школе.

 

              

Сустрэчы ў роднай школе

У гэтыя дні ен пачуў вельмі шмат добрых слоў у свой адрас. Яму адправілі віншаванне члены савета ветэранаў.

У школе ў  час сустрэчы ён пдараваў  старшыні камсамольской арганізаціі школы У.Кузьмянкову сваю кнігу вешаў “Вярбовы мост”.  Праз пэўны час У.Кузьмянкоў перадаў гэту кнігу музею.

 

 

 

 

З 1974г. да апошніх гадоў жыцця А.В. Пысін быў сакратаром Магілеўскага аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР. не шкадаваў часу і сілы для выхавання літаратурнай змены.А сэрца Аляксея Васільевіча Пысіна было заўседы адкрытым, добрым, шчырым і пяшчотным да чалавека, жывелы, птушкі, дрэў, кветак… – да ўсяго жывога і добрага на зямлі. Але гэта вялікае сэрца паліла святая нянавісць усю страшную вайну. Паліла і пасля, калі пісаў аб вайне без перадышак і прывалаў.

Трымаю споведзь, не маленне,

Бо і сябе я не бярог.

І мой суддзя – мае сумленне

Прад даллю будучых дарог.

Самы строгі і самы справядлівы суддзя – гэта сумленне чалавека. А калі гэта так, то далягляды “будучых дарог” паэта, яго паэзіі крынічная ручаінка да блізкіх і далекіх нашчадкаў – чыстыя, як сляза.

Пысін актыўна удзельнічаў у літаратурным жыцці краіны .У 1976 г. быў запрошаны на  VI з’езд пісьменнікаў  СССР у Крамлёўскі палац.

 

 

Вельмі шмат сілы Аляксей Васільевіч аддаваў творчай працы, аддаваў тым, хто побач з ім. У Пысіна было шмат сяброў-літаратараў, паэтаў і празаікаў: Мікола Аўрамчык, Сцяпан Гаўрусеў, Міхась Стральцоў, Рыгор Барадулін, Аляксей Зарыцкі, Авяр’ян Дзяружанскі, Павел Пруднікаў.

          Лісты перапіскі А.Пысіна з В.Жуковічам

 На асобным рахунку быў у яго Пімен Панчанка. З нейкай падкрэсленай шчырасцю і павагай  Пысін называў яго сумленнем нашага часу. Ен выязджаў на творчыя сустрэчы. Шмат сяброў –літаратараў было у А.Пысіна і ў Прыбалтыцы.

Вільнюс. 1978г. Творчая сустрэча пісьменнікаў.Выступае А.Пысін

            Лістапад  1977 г.Габрава

У 1978 г. у Вільнюсе выдадзены зборнік (у ім прадстаўленыМ.Танк,П.Панчанка,В.Вітка А.Вярцінскі, Г.Бураўкін,А.Пысін)

 Меў шмат сяброў. І там зразумела , што яго сябры дасылалі яму свае тэлеграмы — віншаванні і з нагоды  прысуджэння паэту Дзяржаўнай прэміі БССР, і з 60-годдзем (у фондах размешчаны гэтыя экспанаты).

27 жніўня 1981г. А.В. Пысіна не стала. Заўчасная смерць унясла ад нас незвычайнага чалавека. У апошні шлях Пысіна праводзіў увесь Магілеў. Крапаў дробны дожджык, нібыта само неба роднай Магілеўшчыны аплаквала свайго выдатнага сына.

Ен пахаваны на польскіх могілках, што на вуліцы Лазарэнка. На ягоным помніку надпіс:

… Я гляджу на даўняе Курганне,

На траву, на рыжых мурашоў,

Ведайце: калі мяне не стане,

Я ў сваю дывізію пайшоў.

Мы не можам сказаць, што сярод нас няма Аляксея Пысіна. Ен заўседы побач. Ен жыве. Жыве ў сваіх вершах і паэмах, у сваіх страстных публіцыстычных нарысах, жыве ў нашых сэрцах. У весцы Палуж быў праведзены вечар памяці А. Пысіна. Ён назаўжды пайшоў ад нас,  але сваею творчасцю не перастае служыць людзям, бо сапраўдныя паэты не паміраюць. Яму, паэту з вялікай літары, шлюць свае прысвячэнне іншыя мастакі слова.(экскурсавод чытае верш С.Грахоўскага “Размова з Аляксеем Пысіным” )